• Зона адпачынку «Ставок»Зона адпачынку «Ставок»
  • Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. ШкляраваВеткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава
  • Храм Праабражэння ГасподнягаХрам Праабражэння Гасподняга
  • НовабудоўліНовабудоўлі
  • Веткаўскі раённы выканаўчы камітэтВеткаўскі раённы выканаўчы камітэт
  • Прырода Веткаўскага краюПрырода Веткаўскага краю
Галоўная -  Рэгіён -  Гісторыя

Гісторыя

Веткаўшчына– адзін з самых прыгожых куткоў беларускай зямлі, які мае сваё непаўторнае аблічча, свае адметныя рысы. Багатая на падзеі і яго гісторыя.

         Горад Ветка заснаваны ў 1685 годзе стараверамі на землях «мазырскага ваяводы» Халецкага ў межах Рэчы Паспалітай за 15 вёрст ад рускай мяжы. Наконт паходжання назвы горада існуюць розныя версіі і паданні.

         Назва ўтворана ад геаграфічнага тэрміна «ветка», які служыў абазначэннем «небольшого острова, простирающегося в окружности не более, как версты на две». Сам востраў «назван Веткою по проливу, отделявшему оной от реки Сожи, который пролив есть аки бы ветвь оныя реки».

         Назвы з народных тлумачэнняў.

Рэчышча ракі Сож у гэтым месцы разыходзіцца, як галінка дрэва.

У час прыходу раскольнікаў на месцы паселішча былі густыя галінастыя хвойныя лясы.

         Ветка – малая галіна Масквы. Стараверы, якія жылі тут, – усё тыя ж масквічы. Яны імкнуліся ва ўсім браць прыклад з Масквы і нават галоўную плошчу ў Ветцы назвалі Краснай.

         Стараверы, якія праследаваліся царскім рэжымам, ратаваліся на плытах па рэках ад пагоні. Пасля доўгага падарожжа раскольнікі, спадзеючыся на божую ласку і ўзнёсшы свае малітвы, пусцілі па цячэнні галінку дрэва. «К коему берегу волнами прибьется сия ветвь, там и быть нашему поселению, ибо это будет указанием божьего перста», – вырашылі ўцекачы.

         У 18 стагоддзі тут сфарміраваліся мясцовыя асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі. Склалася самабытная школа веткаўскай разьбы. У 40-я гады 18 стагоддзя на Веткаўшчыне пражывала каля сарака тысяч чалавек.

         Царскія карныя войскі двойчы (у 1735 і 1764) палілі Ветку, большасць жыхароў была прымусова выселена ва ўсходнія губерні Расіі.

         У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Ветка ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, належала князю Міхаілу Станевічу, з 1852 года стала часткай Гомельскага павета. З Веткай звязана імя Емяльяна Пугачова, які скрываўся ад праследавання царскай уладай. У 1868 годзе ў Ветцы адкрыта жаночае, у 1874 годзе – мужчынскае народныя вучылішчы.

         З 1925 года Ветка атрымала статус горада, з 8 снежня 1926 года стала цэнтрам раёна.

         18 жніўня 1941 года вераломнае нападзенне фашысцкай Германіі спыніла мірнае будаўніцтва і жыццё нашага горада. Але з першых дзён вайны Ветка стала горадам-змагаром і горадам-патрыётам. Тысячы веткаўчан узялі ў рукі зброю і ўліліся ў рады Чырвонай Арміі. За час акупацыі ў раёне было спалена 42 населеныя пункты, 822 мірных жыхароў фашысты пазбавілі самага дарагога – жыцця. На прымусовыя работы ў Германію было вывезена 327 жыхароў нашага раёна.

Больш за восем з паловай тысяч нашых землякоў загінула, аддаўшы жыццё за свабоду і незалежнасць Айчыны. Вызваленне, якога так чакала насельніцтва раёна, настала 28 верасня 1943 года.

         На франтах, у партызанскіх атрадах, у падполлі, самаадданай працай у калгасах і на прадпрыемствах унеслі свой уклад веткаўчане ў агульную перамогу.

         У жорсткіх, кровапралітных баях вайны праславілася шмат нашых землякоў.

         За выдатныя баявыя подзвігі шэсць веткаўчан удастоены вышэйшай узнагароды – звання Героя Савецкага Саюза. Гэта Батракоў Міхаіл Рыгоравіч, Буйневіч Павел Мікалаевіч, Кулагін Андрэй Міхайлавіч, Ксяндзоў Рыгор Васілевіч, Мухін Васіль Піліпавіч, Мінін Якаў Кірэевіч.

         Трыма Ордэнамі Славы ўзнагароджаны Іван Раманавіч Макаранка.

Іх імёны ўвекавечаны ў назвах вуліц, кнізе «Памяць», воінскіх пахаваннях, на помніках і абелісках.

         Сваімі працоўнымі поспехамі праславілі Веткаўшчыну Героі Сацыялістычнай Працы Васількова Таццяна Вяргееўна, Катляроў Георгій Макаравіч, Гладкоў Васіль Міхайлавіч, Чуяшова Марыя Ягораўна.

Далёка за межамі рэспублікі ведаюць імёны вядомых дзяржаўных дзеячаў:

– Андрэя Андрэевіча Грамыкі – савецкага палітычнага дзеяча і дыпламата, які з 1957 па 1985 год узначальваў Міністэрства замежных спраў СССР. Двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны сямю ордэнамі Леніна і ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга;

– Аляксандра Нічыпаравіча Аксёнава, які з 1978 года працаваў старшынёй Савета Міністраў БССР. Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай Вайны, ордэнам Славы;

– Уладзіміра Ігнатавіча Бровікава – кандыдата філасофскіх навук, які з 1983 года працаваў старшынёй Савета Міністраў БССР, быў паслом СССР у Польшчы;

– Ніны Лявонаўны Сняжковай, якая з 1970 года працавала намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР. Узнагароджана трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Дружбы Народаў, вялікай колькасцю розных медалёў, сярод якіх медаль Францыска Скарыны.

         Вуліцы нашага горада літаральна пранізаны творчасцю. Калісьці зусім маладымі па гэтых вуліцах хадзілі паэт Дзмітрый Міхайлавіч Кавалёў, заслужаная артыстка БССР Станіслава Гулевіч, а таксама многія іншыя ўраджэнцы Веткаўшчыны – паэты, мастакі, вучоныя.

         За вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага рэгіёна і шматгадовую добрасумленную працу звання «Ганаровы грамадзянін Веткаўскага раёна» ўдастоены Збароўскі Браніслаў Мацвеевіч, які з 1965 па 1976 год з'яўляўся першым сакратаром Веткаўскага раённага камітэта партыі, Катляроў Георгій Макаравіч, які ў 1974 годзе заняў першае месца сярод камбайнераў рэспублікі, намалаціўшы 1108 тон збожжа, і Нячаева Галіна Рыгораўна, дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці, пад кіраўніцтвам якой музей стаў сапраўдным цэнтрам па вывучэнні,сістэматызацыі і распаўсюджванні традыцыйнай народнай культуры.

     Горад Ветка – цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Размешчаны за 22 км ад абласнога цэнтра г. Гомеля. Аўтадарогамі злучаны з Гомелем і Добрушам. Наш раён на поўначы мяжуе з Чачэрскім раёнам, на захадзе – з Буда-Кашалёўскім, на паўднёвым захадзе – з Гомельскім, на паўднёвым усходзе – з Добрушскім раёнам і на ўсходзе – з Краснагорскім і Навазыбкаўскім раёнамі Бранскай вобласці. Працягласць тэрыторыі раёна з поўначы на поўдзень – 65 км, з захаду на ўсход – 48 км, агульная плошча раёна – 1563 кв. км.

         Адміністрацыйна, акрамя горада, тэрыторыя раёна падзелена на 11 сельсаветаў.

         У раёне дзейнічаюць 9 рэлігійных праваслаўных абшчын (г. Ветка, в. Хальч, в. Данілавічы, в. Неглюбка, в. Жалезнікі, в. Янова, в. Стаўбун, в. Пералёўка, в. Казацкія Балсуны), а таксама царква Хрысціян веры Евангельскай, царква евангельскіх Хрысціян баптыстаў.

         Памяць аб гістарычных падзеях на Веткаўшчыне ўвекавечана ў 49 помніках і абелісках.

         Захавалася 63 помнікі археалогіі і 4 помнікі архітэктуры (Комплекс былой сядзібы 19 стагоддзя: палац, гаспадарчыя пабудовы, парк в. Хальч), дом купца Грошыкава (г. Ветка), Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца (в. Жалезнікі), панская сядзіба (в. Рэчкі), а таксама ўзведзена 5 памятных знакаў.