• Зона адпачынку «Ставок»Зона адпачынку «Ставок»
  • Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. ШкляраваВеткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава
  • Храм Праабражэння ГасподнягаХрам Праабражэння Гасподняга
  • НовабудоўліНовабудоўлі
  • Веткаўскі раённы выканаўчы камітэтВеткаўскі раённы выканаўчы камітэт
  • Прырода Веткаўскага краюПрырода Веткаўскага краю
Галоўная -  Навіны -  Навіны вобласці

"Славянскія тэатральныя сустрэчы" збяруць у Гомелі творчыя калектывы з чатырох краін

16.11.2019

XIV Міжнародны фестываль "Славянскія тэатральныя сустрэчы" адбудзецца ў Гомелі 3-7 снежня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Уладзімір Ступінскі.

Дэвіз цяперашняга форуму - "Тэатр як свята". Фестывальныя спектаклі пройдуць на чатырох сцэнічных пляцоўках - Гомельскага аблдрамтэатра, гарадскога маладзёжнага тэатра, дзяржаўнага тэатра лялек і гарадскога цэнтра культуры.

Адкрые форум 3 снежня выступленне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Галоўны драматычны тэатр рэспублікі прывязе гогалеўскага "Рэвізора". Таксама свае спектаклі прадставяць тэатральныя калектывы як добра знаёмыя гомельскай публіцы, так і тыя, хто на форуме пабывае ўпершыню. У конкурснай праграме заяўлена каля дзясятка спектакляў. Так, са сваімі пастаноўкамі пазнаёмяць Бранскі тэатр драмы імя А.К.Талстога (Расія), Чарнігаўскі абласны акадэмічны ўкраінскі тэатр імя Т.Р.Шаўчэнкі (Украіна), Таганрогскі тэатр імя А.П.Чэхава (Расія), упершыню - Тбіліскі тэатр юнага гледача (Грузія). Сярод беларускіх удзельнікаў - тэатральны праект HomoCosmos (Мінск), Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа і, вядома, гаспадары фестывалю - Гомельскі абласны драмтэатр.

"Мы чакаем, што фестывальныя дні неаднаразова прадэманструюць блізкасць і дружалюбнае супрацоўніцтва тэатральных калектываў з розных краін. Напрыклад, спектакль "Белая сарока" Тбіліскага тэатра юнага гледача пастаўлены па матывах кнігі Я.Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" вядучым беларускім рэжысёрам, мастацкім кіраўніком дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача Уладзімірам Савіцкім", - адзначыў субяседнік.

Яркай часткай мерапрыемства стане і святкаванне 6 снежня 80-годдзя Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. "Слаўным, цяжкім і нават гераічным старонкам мінулага аблдрамтэатра будзе прысвечаны юбілейны вечар, які пачнецца ў 18.00", - удакладніў Уладзімір Ступінскі. На вечар запрошаны людзі, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё ўстановы - ветэраны тэатра, рэжысёры і мастакі, чые творы на сцэне добра запомніліся публіцы, вядучыя тэатразнаўцы і педагогі па тэатральным мастацтве, калегі з беларускіх, украінскіх, расійскіх тэатраў, з якімі гомельскі калектыў падтрымлівае трывалыя творчыя сувязі, стварае сумесныя праекты, праводзіць гастрольныя выступленні, удзельнічае ў тэатральных фестывалях.

Завершыць праграму 7 снежня сумесны праект Чарнігаўскага тэатра імя Т.Р.Шаўчэнкі і Гомельскага аблдрамтэатра. Камедыя "Вячэра па-французску" Марка Камалеці ў пастаноўцы заслужанага артыста Украіны Андрэя Бакірава будзе сыграна інтэрнацыянальным беларуска-ўкраінскім складам і адразу на дзвюх мовах.

На фестывалі будуць працаваць міжнароднае журы і тэатральныя крытыкі з розных дзяржаў. "Геаграфія - Беларусь, Расія, Украіна, Польшча, Грузія", - удакладніў Уладзімір Ступінскі.

Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Славянскія тэатральныя сустрэчы" вядзе сваю гісторыю з 1989 года. Па ініцыятыве кіраўнікоў рэгіянальных тэатраў цэнтрамі фестывалю сталі Гомель (Беларусь), Бранск (Расія) і Чарнігаў (Украіна), дзе ён праводзіцца з рознай перыядычнасцю. За гэты час форум прымаў вядучыя тэатральныя калектывы Мінска, Кіева, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Кішынёва, Адэсы, Кракава, Вільнюса, многіх іншых гарадоў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)