• Природа Ветковского краяПрирода Ветковского края
  • Зона отдыха «Ставок»Зона отдыха «Ставок»
  • Ветковский районный исполнительный комитетВетковский районный исполнительный комитет
  • Храм Преображения ГосподняХрам Преображения Господня
  • Ветковский музей старообрядчества и белорусских традиций имени Ф.Г. ШкляроваВетковский музей старообрядчества и белорусских традиций имени Ф.Г. Шклярова
  • НовостройкиНовостройки
Главная -  Новости -  Новости района

В филиале Ветковского музея в Гомеле прошла необычная новогодняя встреча в белорусских традициях

09.01.2017
На пярэдадні Новага года ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі прайшла дзіцячая навагодне-калядная ялінка. Замест традыцыйных Дзеда Мароза і Снягуркі галоўнымі героямі ранішніка былі Каза з Мядзведзем, калядоўшчыкі ды батлейка.
   
Паўсотні беларускамоўных дзетак і іх бацькоў сабраліся ва ўтульнай зале, каб паглыбіцца ў традыцыі беларусаў, якія асабліва перад Калядамі і Новым годам напаўняюцца цудамі і чараўніцтвам.
   
Галоўнае дрэўца ранішніка, ялінка, была ўпрыгожана не толькі бліскучымі гірляндамі ды шарамі, але яшчэ і найпрыгажэйшымі традыцыйнымі “арнаментамі” ды саламянымі жар-птушкамі. Да таго ж, вакол навогодняга дрэва узвышаўся чароўны лес з неглюбскіх ручнікоў.
   
Ранішнік пачаўся з “куцці”, бо менавіта гэтай стравай і аднайменным абрадам пачыналася святкаванне Каляд у беларусаў. Затым у госці завіталі калядоўшчыкі. Яны праспявалі традыцыйныя калядныя песні, якія цудоўна паклаліся ў рытмы карагодаў, што завялі чароўныя героі разам з дзеткамі вакол ялінкі. Як аказалася, усе дзеткі падрыхтваліся, каб атрымаць салодкія падарункі. Наперабой разліваліся па залах музея то калядныя спевы, то беларускія вершыкі, то проста прыгожыя беларускія песні ў выкананні самых маленькіх наведвальнікаў. Узрадавалі ўсіх удзельнікаў ранішніка і спецыяльныя госці — “Каза вучоная, кіем хрышчоная” і “Мядзведзь са Смаргонскай семінарыі”. Пад вясёлыя рытмы “Го-го-го, каза /Го-го-го, сера…”, галоўная гераіня гэтай песні гарэзліва скакала сярод дзетак, а пасля, стаміўшыся, “упала, здохла-прапала”. Дзеткі аказаліся вельмі кемлівымі і адразу пачалі “лячыць” Казу цукеркамі. У адказ Каза дазволіла пацягаць сябе за рожкі, даруючы гэтым дабрабыт і багацце на ўвесь наступны год. Далей у залу заваліўся Мядзведзь, які адразу ж пачаў танчыць і даказваць сваю “вучонасць”.
“Мішка, а пакажы, як бабы бялізну мыюць, а як хлопец да дзяўчыны заляцаецца, а як дзяўчына саромеецца”, — камандаваў прытупваючы нагой павадыр. Батлеечнае прадстаўленне “Цар Ірад” таксама вельмі захапіла гледачоў, якія суперажывалі героям п’есы то наракаючы на ўчынкі Цара Ірада, то ўсхваляючы думкі Анёла і асуджаючы Чорта, то разліваючыся гучным смехам над гандлем паміж Мужыком і Цыганам. Персанальна да свята супрацоўнікі музея падрыхтавалі і творчую майстэрню, у якой дзеткі размалёўвалі фарбамі “салёных” пеўнікаў, ялінкі ды зорачкі. І, як аказваецца, жыццё многіх сучасных дзетак не ўсведамляецца без прагляду мультфільма. Таму яны, утульна ўладкаваўшыся на цёплых пледах у імправізаванай кіназале, атрымлівалі асалоду ад навагодняга паказу мультфільма “Свінка Пэппа і Снег”.